У ЗША прайшлі першыя масавыя пратэсты пасля вяртання Трампа ў Белы дом

Сам Трамп гуляе ў гольф / Reuters
5 красавіка ў многіх гарадах ЗША адбылася найбуйнейшая агульнанацыянальная акцыя пратэсту з таго часу, як Дональд Трамп уступіў на пасаду.
Арганізатары кампаніі Hands Off запланавалі мерапрыемствы ў 1200 месцах ва ўсіх 50 штатах. У суботу вялікія натоўпы людзей былі заўважаныя ў Бостане, Нью-Ёрку, Чыкага, Лос-Анджэлесе і Вашынгтоне.
Сярод насельніцтва буйных гарадоў ЗША пераважаюць праціўнікі Трампа. Аднак публічных пратэстаў за апошнія месяцы было няшмат, піша BBC. Гэта тлумачыцца рознымі прычынамі: ад стомы і дэпрэсіі ліберальнай часткі амерыканскага грамадства з-за шматгадовай культурнай вайны да страху, што пратэсты могуць справакаваць Трампа на жорсткі адказ.



У Вашынгтоне на мітынгу выступілі заканадаўцы ад Дэмакратычнай партыі. Асабліва шмат гаварылася пра ўплыў багатых спонсараў Трампа, перш за ўсё Ілона Маска. Кангрэсмен з Фларыды Максвэл Фрост назваў гэта “захопам нашага ўрада мільярдэрамі”.
“Калі вы крадзеце ў народа, чакайце, што народ паўстане. На выбарчых участках і на вуліцах”, — падкрэсліў палітык.
Сам Трамп у суботу гуляў у гольф у Мар-а-Лага і мае намер працягваць у нядзелю.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.