Аўтобусны парк Гомеля стаў "кітайскім"
1 з 10 аўтобусаў, які вазіў гомельскіх чыноўнікаў у Мінск, апынуўся беларускім — астатнія з Кітая / Zhongtong
На відэа трапіла калона аўтобусаў, якая 12 красавіка вазіла беларусаў з Гомеля на канцэрт у Мінск. З 10 міжгародніх аўтобусаў дзевяць апынуліся кітайскімі — маркі Yutong і Zhongtong — і толькі адзін быў беларускі — МАЗ-251. Гэта заўважыў "Флагшток".
Паводле інфармацыі рэгіянальнага выдання, "Гомельаблаўтатранс" з 2019 года не закупляў новыя міжгароднія аўтобусы беларускай вытворчасці.
Нагадаем, што на пачатку года гродзенскія перавозчыкі набылі кітайскія аўтобусы для маршрутаў Мінск–Гродна і Мінск–Слонім, а вясной дзяржаўны футбольны клуб "Віцебск" пахваліўся новым кітайскім клубным аўтобусам.
Раней Еўрарадыё паведамляла, што прадпрыемства МАЗ адчыніла ў Мінску новы завод па вытворчасці аўтобусаў. Яго наведваў Аляксандр Лукашэнка, якому там падарылі новы аўтобус.
У Расіі працягваецца падзенне продажаў тэхнікі МАЗа. Так, у студзені было прададзена толькі чатыры аўтобусы.