Аўтааварыя пад Гродна, загінулі двое кіроўцаў (фота з месца трагедыі)

Позна ўвечары 30 жніўня ў Гродзенскім раёне каля вёскі Аляксандрава на трасе М-6 Мінск — Гродна здарылася аўтааварыя. Там сутыкнуліся аўтамабілі "Аўдзі", "Сітраен" і "Нісан". Кіроўцы першых двух машын загінулі, іх целы даставалі з разбітых легкавікоў ратавальнікі. Прэс-служба МНС адзначае, што кіроўца "Нісана" не пацярпеў.

Прэс-служба МУС удакладняе, што аўтааварыя адбылася каля вёскі Абухова. 30-гадовы кіроўца "Сітраена", жыхар Гродна, выехаў на сустрэчную паласу, дзе і адбылося сутыкненне з "Аўдзі", якой кіраваў 32-гадовы жыхар Ліды. Прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці адзначае, што пакуль рана гаварыць пра тое, хто вінаваты ў аўтааварыі.

БЕЛТА адзначае, што аварыя дзіўная, яе абставіны яшчэ высвятляюцца. У ёй пацярпела 22-гадовая пасажырка "Нісана", якой аказалі меддапамогу.

Фота: ДАІ