Асацыяцыя перавозчыкаў прапануе забараніць падсаджвацца ў аўтобусы на мяжы

Чарга з аўтобусаў на мяжы / mapbel.by
У Беларусі прапануюць забараніць браць пасажыраў на мяжы за дадатковую плату і пачаць правяраць колькасць пасажыраў у аўтобусах. Такую прапанову агучылі прадстаўнікі Міжрэгіянальнай асацыяцыі перавозчыкаў (МАП) на сустрэчы з Транспартнай інспекцыяй 5 жніўня ў Гродне.
Паводле МАП, да мяжы прыганяюць пустыя аўтобусы, якія ходзяць толькі ад Брэста да Тэрэспаля. Яны збіраюць пасажыраў пад самым памежным шлагбаўмам і не адпраўляюцца, пакуль не набяруць поўны салон, атрымаўшы максімум "шэрай" выручкі. На думку прадстаўнікоў МАП, гэта пагаршае сітуацыю з чэргамі на мяжы.
Раней паведамлялася, што і дзяржаўны перавозчык "Мінсктранс", і прыватныя кампаніі прапаноўвалі бясплатную перасадку ў аўтобусы, якія стаяць бліжэй да мяжы. Аднак у памежных чатах беларусаў сустракаліся паведамленні, што кіроўцы аўтобусаў бяруць адвольную плату за падсадку пасажыраў.
Таксама ў асацыяцыі звяртаюць увагу, што аўтобус на мяжы з Польшчай можа прастаяць больш за 10 гадзінаў. У МАП адзначаюць, што ў такіх умовах кіроўцам цяжка выконваць нарматывы працы, а за парушэнні можна пазбавіцца ліцэнзіі. Таму прапануецца знайсці спосабы замены экіпажу, калі аўтобус доўга стаіць на мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.