Арыштавалі дырэктара Палаца Рэспублікі, арганізатара Марафона адзінства

Максім Прыхадоўскі

Максім Прыхадоўскі / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку

У Мінску арыштавалі дырэктара Палаца Рэспублікі Максіма Прыхадоўскага — прыхільніка рэжыму і аднаго з арганізатараў перадвыбарнага Марафона адзінства.

Як піша "Наша Ніва", мужчыну падазраюць у карупцыі. Хутчэй за ўсё, затрымалі яго 12 жніўня.

Першы намеснік кіраўніка Палаца Рэспублікі Юрый Навумовіч пацвердзіў журналістам, што цяпер ён выконвае абавязкі дырэктара. Паводле яго, Прыхадоўскі цяпер "у адпачынку". Але намеснік не змог адказаць на пытанне, калі вернецца на працу яго шэф.

Намеснік па тэхнічных пытаннях Андрэй Лебедзеў паведаміў журналістам іншую версію адсутнасці Прыхадоўскага: "Ён на бальнічным, выйдзе ў панядзелак". Праўда, праз пару секундаў дадаў: "Можа, Максім Анатольевіч і не выйдзе".

Яшчэ 11 жніўня мужчына быў у эфіры дзяржаўнага "Радыё Мінск".

Прыхадоўскі нарадзіўся ў 1980-м у Бярозе ў сям’і дактароў. Вучыўся на дашкольным факультэце ў Брэсцкім педуніверсітэце, дзе атрымаў дыплом метадыста і дзіцячага псіхолага. Дырэктарам Палаца Рэспублікі стаў у 2020 годзе.

У сценах Палаца Рэспублікі нарадзіўся "Марафон адзінства", які курыравала нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук. За арганізацыю гэтага мерапрыемства Лукашэнка ўзнагародзіў Прыхадоўскага медалём "За працоўныя заслугі".

Сваім часам Прыхадоўскі заяўляў, што ганарыцца быць "ябацькам" і "лукашыстам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.