Апарат "Алеся", які капае метро, спыніўся каля падземнага сховішча Нацбанка

Апарат "Алеся", які капае метро, спыніўся каля падземнага сховішча Нацбанка

Механізаваны падземны шчыт "Алеся", які капае тунэль мінскага метро, спыніўся ў раёне сховішча Нацбанка. Працы спыненыя ўжо чацвёрты месяц, піша kp.by са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы. 

Механізаваны шчыт з Францыі коштам 11 мільёнаў еўра мінскія метрабудаўнікі выкарыстоўваюць з лютага 2016 года. Ён мае масу 550 тон і даўжыню 70 метраў. Механізм прабівае тунэль дыяметрам шэсць метраў, адразу мантуючы вакол сябе "сценкі". Гэты апарат дазваляе капаць тунэль у пяць разоў хутчэй, чым раней — 300 метраў за месяц. 

Метрабудаўнікі назвалі апарат "Алеся". З яго дапамогай прабілі два тунэлі ад станцыі "Вакзальная" праз "Плошчу Багушэвіча" да "Юбілейнай плошчы". 10 траўня "Алеся" стала прабіваць тунэль ад "Вакзальнай" да "Кавальскай Слабады" і за паўтара месяца прайшла 200 метраў. Але пасля гэтага спынілася. 

Паводле неафіцыйных звестак, метрашчыт натыкнуўся на штосьці цвёрдае і пры гэтым зламаліся валы. Каб праверыць, на што натыкнулася "Алеся", трэба капаць катлаван над ёй — назад апарат рухацца не можа. Аднак сітуацыя ўскладняецца тым, што зверху над месцам спынення стаіць прыватны жылы дом.

Дарэчы, за 60-70 метраў ад месца здарэння знаходзіцца цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка.