Антываенны раман Сашы Філіпенкі знялі з продажу ў Беларусі

Вокладка кнігі Сашы Філіпенкі "Слон"

Вокладка кнігі Сашы Філіпенкі "Слон" / выдавецтва "Время"

У Беларусі з продажу знялі антываенны раман Сашы Філіпенкі "Слон". Гэтаму паспрыялі беларускія прапагандысты.

Пісьменнік паведаміў у сваіх сацсетках, што яго новы раман "Слон" на тэму вайны ва Украіне, можна купіць на маркетплейсе ў Беларусі. Раман афіцыйна выдадзены ў Расіі выдавецтвам "Время".

"А цяпер па-сапраўднаму важная навіна! "Слон" нарэшце перайшоў мяжу, і цяпер яго можна купіць не толькі ў Еўропе, але і ў Беларусі! І побач", — напісаў Філіпенка ў Фэйсбуку 3 жніўня. Ён дадаў спасылку на маркетплейс Wildberries, дзе можна было купіць раман.

На гэта звярнулі ўвагу беларускія прапагандысты, піша выданне "Зеркало". Супрацоўнік СТБ Рыгор Азаронак заявіў, што Філіпенка "вельмі рана ўзрадаваўся". А ў іншым праўладным канале паабяцалі на працягу сутак "урэгуляваць" пытанне з продажам кнігі ў Беларусі.

Ужо праз некалькі гадзін на маркетплэйсе "Слон" знік з продажу, а прапагандысты падзякавалі "ўсім датычным".

Кніга "Слон" па-беларуску выйшла раней за рускі варыянт — яе выдала выдавецтва Gutenberg. Аднак набыць выданне можна толькі за мяжой Беларусі.

Пісьменнік і журналіст Саша Філіпенка падтрымаў пратэсты 2020 года і быў вымушаны пакінуць Беларусь. Філіпенка не раз выступаў у заходніх медыя, звяртаючы ўвагу на грамадскія і палітычныя праблемы Беларусі.

У лютым 2025 года стала вядома, што ў Беларусі на яго пачалі крымінальную справу. Філіпенку вінавацяць у распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.