Амерыканскага спевака Джэйсана Дэрула пасля шоу прывезлі да Віктара Лукашэнкі

Джэйсан Дэрула на сустрэчы з Віктарам Лукашэнкам / НАК Беларусі
Амерыканскага спевака Джэйсана Дэрулу ў Мінску прымалі на вельмі высокім узроўні. Ён сустрэўся з прэзідэнтам Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Віктарам Лукашэнкам.
Старэйшы сын кіраўніка дзяржавы заявіў, што ў Беларусі Дэрулу "любіць не толькі моладзь, але і людзі даволі дарослыя знаёмыя з яго творчасцю". Ён папрасіў амерыканскага спевака папіярыць Беларусь: "Артыст вашага ўзроўню дзякуючы ўплыву ў сацыяльных сетках можа аб'ектыўна расказаць і пра нашу краіну".
Джэйсан Дэрула прыляцеў у Мінск прыватным самалётам з Дубая 22 ліпеня. Яго ўжо вадзілі на сустрэчу з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным у Доме ўрада. 23 ліпеня ён выступіў на вечарыне ў бары Mama Stiflera на вуліцы Зыбіцкай. У афішы было напісана, што гэта яго развітальнае шоў.
У гутарцы з старэйшым сынам Лукашэнкі спявак "высока ацаніў гасціннасць беларусаў і падкрэсліў важнасць культурнага ўзаемадзеяння паміж краінамі", падкрэслілі ў прэс-службе НАК. Ён сказаў, што абмяркоўваецца шоу з яго ўдзелам у кастрычніку і ён "будзе рады, калі ўдасца выступіць у сталіцы Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.