НАК Беларусі атрымлівае падтрымку ад Міжнароднага алімпійскага камітэта

Віктар Лукашэнка / НАК Беларусі
Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі атрымлівае фінансавую падтрымку ад Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Пра гэта заявіў кіраўнік НАК Віктар Лукашэнка ў інтэрв'ю сайту арганізацыі. Паводле яго, гэта "фінансавая падтрымка па лініі алімпійскай салідарнасці". Аднак канкрэтную суму Лукашэнка не назваў.
Паводле яго, за апошні год адносіны НАК з міжнароднай арганізацыяй "істотна палепшыліся", а паступовыя пазітыўныя змены і ўвогуле адбываюцца пастаянна. Ён нагадаў, што многіх беларускіх спартоўцаў, якія займаюцца летнімі відамі спорту, ужо дапусцілі да чэмпіянатаў свету і Еўропы, Кубкаў свету. Самы свежы прыклад — рашэнне Міжнароднай федэрацыі дзюдо, якая дапусціла прадстаўнікоў Беларусі выступаць пад дзяржаўным сцягам і з дзяржаўным гімнам.
"Нашы атлеты ў шэрагу відаў спорту вяртаюцца да спаборніцтваў і ў камандных дысцыплінах: у фехтаванні, сінхронных скачках у ваду, сінхронным плаванні", — пералічыў Віктар Лукашэнка. Таксама ён згадаў, што беларускія спартоўцы ў нейтральным статусе ўдзельнічаюць у міжнародных турнірах па барацьбе, тхэквондо, плаванні, сучасным пяцібор'і, цяжкай атлетыцы, настольным тэнісе.
Разам з тым, ён сказаў, што некаторыя міжнародныя федэрацыі праяўляюць падыход, які "нельга назваць адэкватным". Як прыклад ён згадаў Міжнародную федэрацыю лёгкай атлетыкі.
Пасля пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэссі супраць Украіны МАК заклікаў міжнародныя федэрацыі не дапускаць атлетаў з Беларусі і Расіі да турніраў. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання.
У сакавіку 2023-га МАК у сваёй заяве рэкамендаваў міжнародным федэрацыям дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нейтральным статусе (акрамя камандных відаў спорту). Дзякуючы гэтаму пэўная колькасць спартоўцаў з Беларусі ўдзельнічала ў летняй Алімпіядзе 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.