Амерыканец, які прыехаў з Літвы ў грузавым вагоне, пакутуе на страту памяці

Антон Рос / фота з абвестак у Фэйсбуку
Грамадзянін ЗША Антон Рос, які прыехаў у Беларусь з Літвы ў грузавым вагоне, пакутуе на страту памяці. Яго з 21 сакавіка 2025 года шукае маці. Апошні раз яго бачылі ў Цюрыху, адкуль ён спрабаваў паляцець у Хургаду.
Абвесткі з просьбай дапамагчы ў пошуку 27-гадовага Антона Роса з'явіліся ў розных рускамоўных групах у Фэйсбуку пяць дзён таму, заўважыў reform.news. Хлопца шукае маці. Гаворыцца, што апошні раз ён выходзіў на сувязь з аэрапорта Цюрыха.
У абвестцы паведамляецца, што хлопец мае грамадзянства ЗША і Чэхіі, пакутуе на страту памяці. "Ён ужо некалькі разоў за апошнія месяцы губляўся, не выходзіў на сувязь і з'яўляўся ў розных месцах. У снежні 2024 года страціў дакументы і асабістыя рэчы. Можа знаходзіцца ў дэзарыентаваным стане, не памятаць, хто ён, і не звяртацца па дапамогу", — гаворыцца ў аб'яве.
Паведамляецца, што 21 сакавіка Антон неаднаразова тэлефанаваў з чужых тэлефонаў, прасіў купіць білет да Хургады. Яго маці тэрмінова выехала ў аэрапорт Цюрыха, але ўжо не заспела сына. 23 сакавіка яна падала афіцыйную заяву ў паліцыю Цюрыха аб вышуку. Яна меркавала, што шукаць сына трэба ў Швейцарыі.
Тым часам Антон знайшоўся ў Беларусі. Увечары 3 красавіка яго паказалі на дзяржаўным тэлеканале: малады чалавек заявіў, што хоча застацца ў нашай краіне.
Грамадзяніна ЗША затрымалі ўначы 31 сакавіка ў Маладзечне. У Беларусь ён прыехаў у пустым грузавым вагоне з Літвы. Выявілася, што перад гэтым 24 сакавіка ён двойчы спрабаваў трапіць у Беларусь. Але памежнікі яго не пусцілі, бо "ён не змог пацвердзіць наяўнасць сродкаў, неабходных для пакрыцця выдаткаў па яго знаходжанні ў Рэспубліцы Беларусь і выезду з нашай краіны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.