Лукашэнка ўжо пачаў прыватызацыю, але для "сваіх" — меркаванне

І гэты працэс абсалютна непразрысты

І гэты працэс абсалютна непразрысты / БелАЗ

— Калі гаварыць пра дзяржаўныя прадпрыемствы, то прыватызацыя там у любым выпадку будзе неабходная. Больш за тое, я перакананая, што пачынаць гэтую прыватызацыю будзем не мы — яе ўжо пачынае Лукашэнка. Ён, па сутнасці, гэта ўжо робіць, проста робіць ціха, незаўважна, — сцвярджае прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка. — Праблема ў тым, што гэтая прыватызацыя адбываецца абсалютна непразрыста. Выгадапрыбыткоўцамі становяцца яго сябры, набліжаныя, сваякі — “брат, сват” і гэтак далей. Няма ніякага справядлівага конкурсу, няма адкрытых працэдур прыватызацыі.

Лукашенко уже начал приватизацию, но для “своих” — мнение
Кому достанется Белкалий?

Пытанне прыватызацыі прадпрыемстваў у Беларусі ў эфіры Еўрарадыё абмеркавалі рэдактар Павел Свердлаў і эканамістка Аліса Рыжычэнка. Дык якім жа павінен выглядаць працэс прыватызацыі, каб усе засталіся максімальна задаволеныя? Аліса прыводзіць прыклад энергетычнага сектара Аўстрыі.

— Там усе кампаніі прыватныя, існуе свабодны рынак электраэнергіі. Але пры гэтым інфраструктура — сеткі — застаецца ва ўласнасці дзяржавы. І ні адно прыватнае прадпрыемства, якую б долю рынку яно ні займала, не можа манапалізаваць гэты рынак. Вядома, пры ўмове, што антыманапольныя органы працуюць выразна і эфектыўна. Калі ты не валодаеш інфраструктурай, ты фізічна не можаш усталяваць манаполію на энергетычным рынку.

Мне падаецца, што такі ж падыход павінен прымяняцца і да беларускіх прадпрыемстваў. Патрэбны дыферэнцыраваны падыход па катэгорыях. Гэта значыць, павінна быць дакладнае разуменне, якія прадпрыемствы могуць і павінны быць прыватызаваныя, а якія — з меркаванняў нацыянальнай бяспекі — павінны заставацца ва ўласнасці дзяржавы, — упэўненая прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.