Напярэдадні святаў на мяжы з Польшчай утварыліся вялізарныя чэргі з аўтобусаў
Аўтобусы на беларуска-польскай мяжы / Скрыншот
12 гадзінаў у чаканні. Напярэдадні святаў на беларуска-польскай мяжы ўтварыліся вялізарныя чэргі з аўтобусаў. Прычым як на ўезд у Беларусь, так і на выезд.
І калі чарга на выезд тлумачыцца больш-менш проста — шмат беларусаў хочуць сустрэць Каляды ў Еўрасаюзе — дык з чаргой на ўезд не ўсё так проста. З аднаго боку, і тут пасажыраў стала больш. А з іншага — па звестках Еўрарадыё, на допыты людзей цягаюць ледзь не цэлымі аўтобусамі. І гэты працэс займае шмат часу.
Дадому на святы едуць беларусы, якія стала жывуць у заходніх краінах. Сілавікоў цікавіць, што яны там робяць і на якіх падставах.