Метэазонд з беларускімі цыгарэтамі прыляцеў у Польшчу

Польскія памежнікі затрымалі кантрабандыстаў

Польскія памежнікі затрымалі кантрабандыстаў / памежная служба Польшчы

Польскія памежнікі затрымалі беларуса і паляка. У іх аўтамабілі знайшлі нелегальныя цыгарэты з беларускімі акцызнымі маркамі, паведамляе памежная служба Польшчы.

Аўтамабіль спынілі каля горада Бяла-Падляска ў Мазавецкім ваяводстве. У яго багажніку выявілі некалькі ўпаковак з нелегальнымі цыгарэтамі агульным коштам больш за 100 тысяч злотых (амаль 80 тысяч рублёў).

Паведамляецца, што цыгарэты былі дастаўленыя ў Польшчу з дапамогай метэазонда. Кантрабандысты "скарысталіся ветрам, які дзьмуў з усходу ў бок Польшчы". На польскім баку саўдзельнікі знайшлі яго з дапамогай GPS-лакатара.

Памежнікі затрымалі 38-гадовага паляка і 32-гадовага беларуса.

"Абодва адкажуць за кантрабанду цыгарэт, а таксама за ажыццяўленне палёту паветраным суднам з парушэннем правілаў паветранага руху, якія дзейнічаюць у дадзенай зоне. Гэтыя дзеянні караюцца штрафам і пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў", — гаворыцца ў паведамленні памежнай службы.

Цыгарэтная кантрабанда на метэазондах з тэрыторыі Беларусі стала апошнім часам сапраўдным бедствам для Літвы. У іншыя сумежныя з Беларуссю краіны — Латвію і Польшчу такія паветраныя шары прылятаюць радзей і не перашкаджаюць авіярэйсам.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.