Польшча не плануе следам за Літвой абвяшчаць надзвычайную сітуацыю

Польска-беларуская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Польска-беларуская мяжа, ілюстрацыйнае фота / bialskieforum.pl

Польшча не будзе браць прыклад з Літвы, якая абвясціла надзвычайную сітуацыю на ўсёй тэрыторыі краіны ў сувязі з кантрабанднымі метэазондамі з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ў каментары Radio ZET паведаміў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі краіны Марцін Кервіньскі.

Паводле яго, літоўскія ўлады планавалі ўвядзенне надзвычайнай сітуацыі цягам некалькіх тыдняў. Як кажа Кервіньскі, гэты рэжым будзе дзейнічаць з 9 снежня — верагодна, на працягу месяца. Рашэнне Літвы ён патлумачыў блізкасцю віленскага аэрапорта да мяжы. Праз гэта кантрабандныя паветраныя шары ствараюць вельмі сур'ёзныя праблемы — як лагістычныя, так і фінансавыя.

Але Польшча не будзе прымаць такія ж меры.

"Ніякіх зменаў у дзейных захадах не будзе, бо сітуацыя на польска-беларускай мяжы за апошнія тыдні палепшылася, а міграцыйны ціск знізіўся",тлумачыць міністр унутраных спраў.

Пасля таго, як Польшча адкрыла два пераходы на мяжы з Беларуссю, колькасць мігрантаў, якія спрабуюць незаконна трапіць на тэрыторыю ЕС з Беларусі, знізілася да адзінкавых выпадкаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.