Польшча можа зняць частку аховы на мяжы з Беларуссю
Польска-беларуская мяжа, ілюстрацыйнае фота / PAP
Польшча можа зняць частку сваіх вайскоўцаў з аховы мяжы з Беларуссю і перадаць гэтыя функцыі памежнікам. Такая магчымасць цяпер аналізуецца ў польскім войску, паведамляе Радыё RMF FM.
Такі крок тлумачаць тым, што міграцыйны ціск на Польшчу з боку Беларусі апошнія тыдні знізіўся.
17 лістапада Польшча адкрыла два раней закрытыя памежныя пераходы на мяжы з Беларуссю. Пасля гэтага польскі бок канстатуе, што колькасць спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу істотна зменшылася. З часу адкрыцця КПП "Кузніца" і "Баброўнікі" (з беларускага боку — Брузгі і Бераставіца) было зафіксавана толькі 90 інцыдэнтаў. А ў некаторыя дні (напрыклад, 2-3 снежня) іх зусім не фіксавалі.
Цяпер на польска-беларускай мяжы знаходзяцца каля 5000 польскіх вайскоўцаў.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы працягваецца з лета 2021 года.