На новаадкрытых памежных пераходах Польшча не прапусціла 23 чалавекі

Беларуска-польская мяжа

Беларуска-польская мяжа / Памежная служба Польшчы

У Польшчы падвялі вынікі працы памежных пунктаў пропуску Кузніца (з беларускага боку Брузгі) і Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца) за месяц з дня іх адкрыцця.

Як паведамляе прэс-служба польскіх памежнікаў, за 30 дзён праз гэтыя два пераходы ў Польшчу прыехалі больш за 35 тысяч чалавек, а выехалі больш за 37 тысяч чалавек. Найбольшая нагрузка прыпала на Кузніцу: тут на ўезд і выезд на афармленне прыбыло каля 40 тысяч падарожнікаў з названых 72 тысяч.

Таксама памежнікі адзначаюць, што за месяц заехалі ў Польшчу прыкладна 14 тысяч транспартных сродкаў (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы і фуры), а выехалі з Польшчы ў Беларусь каля 15,6 тыс. машын.

Адмову ва ўездзе на абодвух пераходах атрымалі за месяц 23 чалавекі. Памежнікі кажуць, што гэтыя людзі не адпавядалі патрабаванням уезду і знаходжання ў Польшчы, але дэталёвых прычынаў не называюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.