Алігарх пабудаваў Лечкамісію для чыноўнікаў у абмен на зямлю ў цэнтры Мінска

Маштабную карупцыйную схему раскрыў BELPOL / Яндекс-карты
“Гаманец” Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Варабей пабудаваў дарагую клініку для Лечкамісіі, атрымаўшы ў абмен на гэта права забудовы цэнтра Мінска. Пра гэта гаворыцца ў новым расследаванні BELPOL.
Для будаўніцтва новага корпуса Лечкамісіі для чыноўнікаў рэжыму 25 верасня 2023 года асабістым распараджэннем Лукашэнкі адбылася перадача зямлі і будынкаў санаторыяў "Світанак" і "Лазурны" у Ждановічах. Ласавіты кавалак атрымала фірма "ЛэндРэсурс" усяго за 1,5 млн долараў — без тэндэру і агалоскі.
Узамен кампанія пабудавала і бясплатна перадасць дзяржаве новы лячэбна-дыягнастычны корпус Рэспубліканскага клінічнага цэнтра. Кошт аб’екта ацэньваецца мінімум у 75 млн долараў, завяршэнне будаўніцтва запланавана на лістапад 2025 года.
Паводле дадзеных BELPOL, "ЛэндРэсурс" наўпрост звязаны з Вараб’ём, які раней зарабіў мільярды на пастаўках расійскай нафты ў Беларусь. Выгада для бізнесмена схавана ў іншым праекце — будаўніцтве элітнага жылога комплексу "Сэрца сталіцы" ў цэнтры Мінска.
Комплекс з трох вежаў да 50 паверхаў абыдзецца ў 262 млн долараў. Рэалізоўваць яго будзе фірма "МульціХаўс", заснаваная афшорнай кампаніяй з ААЭ, зарэгістраванай па адрасе вясковай крамы.
Праект ухвалены сакрэтным указам Лукашэнкі і атрымаў беспрэцэдэнтныя падатковыя льготы і льготны крэдыт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.