Адміністрацыя брэсцкага ФК “Дынама” просіць 3G-мадэм для трансляцыі матчу
Прэс-служба брэсцкага футбольнага клуба “Дынама” просіць пазычыць 3G-мадэм для арганізацыі інтэрнэт трансляцыі кубкавага матчу 1/8 фіналу з наваполацкім клубам “Нафтанам”.
Сустрэча адбудзецца на стадыёне “Юнацтва” ў Брэсце 16 лістапада а 13:00.
Брэсцкае “Дынама” ўжо пэўны час мае фінансавыя праблемы, у прыватнасці, затрымліваліся заробкі футбалістам. Яшчэ ў жніўні 2015 года гульцы клуба пагадзіліся, каб іхныя заробкі знізіліся на 30-40%. Але затрымкі працягваліся і пасля.
Тым часам форвард мадрыдскага “Рэала” Крышціяну Раналду набыў сабе прыватны самалёт Gulfstream G200, кошт якога складае 19 мільёнаў еўра.
На борце паветранага судна, якое разлічанае на 10 пасажыраў, ёсць ванная, туалеты для пасажыраў і экіпажа, гардэробная, кухня, тэлефон і доступ у інтэрнэт.
Фота: dynamo-brest.by