Ад выбухаў на заводзе ў расійскім Дзяржынску пацярпелі 89 чалавек
Ад выбухаў на абаронным заводзе ў расійскім Дзяржынску пацярпелі 89 чалавек. Такія дадзеныя публікуе ТАСС са спасылкай на прэс-службу ўраду Ніжагародскай вобласці Расіі. Па дапамогу медыкаў звярнуліся 44 супрацоўнікі прадпрыемства “Крыстал”, дзе здарыўся інцыдэнт, а яшчэ 45 жыхароў прылеглых мікрараёнаў.
16 чалавек засталіся ў лякарні, адзін з іх у цяжкім стане.
Некалькі выбухаў прагрымелі на тэрыторыі завода “Крыстал” у суботу, 1 чэрвеня. Эпіцэнтрам выбухаў быў цэх па вытворчасці трацілу. Пасля выбухаў пачаўся пажар, разбурана пяць будынкаў прадпрыемства на плошчы 800 квадратных метраў, у тым ліку два вытворчыя. Прычынай інцыдэнту стала парушэнне тэхналагічных працэсаў.
Выбуховая хваля пайшла на радыус 3 км. У 200 дамоў, размешчаных у прылеглых мікрараёнах, выбіла шыбы. У кіламетры ад завода разбураная крама.
Гэта не першы сёлета інцыдэнт на абаронным заводзе “Крыстал” у Дзяржынску — 4 красавіка там таксама здарыўся выбух і пажар.