Абсталяванне некаторых каледжаў зношана на 100% — Генпракуратура

Навучэнцы каледжа

Навучэнцы каледжа / "Настаўніцкая газета"

Абсталяванне некаторых прафесійных каледжаў зношанае на 100%. Да такіх высноваў прыйшла Генпракуратура па выніках праверкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Паведамляецца, што ў кожным чацвёртым каледжы для вытворчага навучання выкарыстоўвалася састарэлае і няспраўнае абсталяванне. А майстэрні і лабараторыі былі абсталяваныя ў недастатковай ступені.

У Мінскім гарадскім машынабудаўнічым каледжы стаяць станкі для апрацоўкі металу, якія эксплуатаваліся больш за 40 гадоў. У Дзяржынскім дзяржаўным каледжы (Мінская вобласць) 83,8% абсталявання было цалкам зношана — 165 з 197 адзінак (зварачны апарат, наждачна-шліфавальны станок, кампрэсар і інш.) мела 100% зношанасці. Ва Уздзенскім дзяржаўным каледжы гранічны знос быў зафіксаваны ва ўсіх дзевяці зварачных агрэгатах.

Таксама пракуроры выявілі, што каледжы не ўлічвалі патрэбы заказчыкаў у спецыялістах. Напрыклад, Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж (Мінская вобласць) два гады не праводзіў набор на спецыяльнасць "прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва", хаця заяўкі такія былі. Ва ўстанове спасылаліся на тое, што такіх спецыялістаў рыхтуюць у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы.

Акрамя таго, пракурорская праверка выявіла адсутнасць медработнікаў на працоўных месцах у каледжах і неналежную аснашчанасць медпунктаў. У 45 каледжах выкарыстоўваліся лекі са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.