Саўмін запатрабаваў паскорыць устаноўку сістэм бяспекі ў дзіцячых садках
І ўказаў на завышэнне кошту абсталявання / Яндекс-карты
Савет міністраў Беларусі раскрытыкаваў мясцовыя ўлады за тое, што яны не выканалі ў 2025 годзе даручэнне прэм’ер-міністра па ўстаноўцы сістэм аховы ў дзіцячых садках. Як вынікае з службовага ліста, атрыманага Еўрарадыё ад BELPOL, кошт абсталявання некаторых устаноў апынуўся значна вышэйшым за ўзгодненыя раней разлікі.
У дакуменце гаворыцца, што дадзеная работа павінна быць завершана ў 2026 годзе. Асобна вылучаны Віцебская і Гродзенская вобласці, а таксама Мінск.
Саўмін даручыў Міністэрству адукацыі, МУС і выканкамам зноў дэталёва перагледзець кошт работ па кожнай установе і прадставіць абноўлены, узгоднены план да 15 снежня 2025 года.