40% украінцаў гатовыя прагаласаваць за ўступленне ў Еўрасаюз

Пра гэта сведчаць вынікі апытання грамадскай думкі, праведзенага Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі ў верасні 2013 года. Прыхільнікі ўступлення ў ЕС пераважаюць у Заходняй і Цэнтральнай Украіне (75% і 46% адпаведна), а праціўнікі — у Паўднёвай і Усходняй (37% і 46%).



Паводле дадзеных даследавання, за ўступленне ў Еўрасаюз больш схільныя галасаваць прадстаўнікі моладзі (18-29 і 30-39 гадоў — адпаведна 50% і 48%) і сярэдняй узроставай групы (40-49 гадоў — 46%). За ўступленне Украіны ў Мытны саюз выступаюць пераважна прадстаўнікі старэйшых узроставых групаў (ад 50 да 70 гадоў — ад 44% да 53%), паведамляе УНІАН.
 

Нагадаем, урад Украіны ў верасні ўхваліў праект пагаднення з Еўрасаюзам аб асацыяцыі з ЕС, якое прадугледжвае стварэнне зоны свабоднага гандлю. Украіна спадзяецца на падпісанне Пагаднення аб асацыяцыі з ЕС у лістападзе на саміце "Усходняга партнёрства" ў Вільні.