24-гадовага мінчука забілі, каб завалодаць яго аўтамабілем (фота)
Падазраваных ужо затрымалі міліцыянеры, распачатая крымінальная справа.
У Мінску затрымалі дваіх мясцовых жыхароў, якія падазраюцца ў забойстве дзеля завалодання аўтамабілем. Расследаванне пачалося пасля таго, як у міліцыю звярнуўся мужчына, які заявіў пра знікненне 24-гадовага сваяка. Ён адзначыў, што разам з ім знік аўтамабіль і вялікая сума грошай.
Аператыўнікі пачалі адпрацоўваць кантакты зніклага мінчука і выйшлі на дваіх жыхароў сталіцы ва ўзросце 30-ці і 35-ці гадоў, якія нідзе не працуюць. Адзін з іх раней трапляў за краты. Затрыманыя патлумачылі праваахоўнікам, што былі знаёмыя са зніклым, падтрымлівалі сяброўскія адносіны. Аднак дзеля завалодання аўтамабілем пайшлі на забойства. Цела сваёй ахвяры яны вывезлі ў Віцебскую вобласць і ўтапілі ў возеры.
Распачатая крымінальная справа, праводзіцца расследаванне, інфармуе прэс-служба мінскай міліцыі.
Фота — guvd.gov.by