23 гады таму Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выйграў прэзідэнцкія выбары

23 гады таму Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выйграў прэзідэнцкія выбары

10 ліпеня 1994 года ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў дэпутат Вярхоўнага савета Аляксандр Лукашэнка з больш як 80% галасоў перамог прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча (14,2%). Праз 10 дзён адбылася інаўгурацыя першага прэзідэнта Беларусі.

Першапачаткова на пасаду кіраўніка дзяржавы, акрамя Лукашэнкі і Кебіча, прэтэндавалі яшчэ чатыры кандыдаты: лідар Беларускага народнага фронту Зянон Пазьняк, спікер Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч, сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларусі Васіль Новікаў і старшыня Саюза аграрнікаў Аляксандр Дубко, прыгадвае TUT.by У другі тур прайшлі Лукашэнкі (44,82% галасоў) і Кебіч (17,33%).

Аналітык Сяргей Чалы (у 1994 годзе — адзін з членаў каманды Лукашэнкі) кажа, што ў штабе будучага прэзідэнта ўжо пасля першага тура лічылі, што ён набраў 51%:

23 гады таму Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выйграў прэзідэнцкія выбары

"І ў нас было адмысловая нарада, прысвечаная вынікам першага тура — шукаць нам гэтыя зніклыя галасы ці працягваць працаваць далей? І я як раз быў прыхільнікам таго, што панікаваць не трэба. Кажу: па сутнасці, вам падарылі унікальны шанец. Уявіце, магчыма, вы цяпер атрымалі толькі 51%, а калі будзе другі тур, мы Кебіча раскатаем наогул, і атрымаецца нашмат больш!"

У 2015 годзе Лукашэнка заявіў, што перамог у першым туры выбараў, але перамогу ў яго забралі з-за фальсіфікацый.

Кіраўнік дзяржавы прыгадваў, што ў 1994 годзе прапаноўваў Кебічу ісці на выбары адной камандай: "Я прыйшоў да яго напярэдадні выбараў. І я сказаў яму: "Вячаслаў Францавіч, давайце разам пойдзем на выбары. Вы кантралюеце парламент і ўводзіце пасаду віцэ-прэзідэнта. Я малады, і ў мяне яшчэ ўсё наперадзе, давайце разам пойдзем".

Кебіч, па словах Лукашэнкі, адмовіўся. Сам экс-прэм'ер тлумачыць сваю паразу трыма прычынамі: незадаволенасцю людзей праз эканамічны крызіс, стратай падтрымкі Масквы і здрадай паплечнікаў.

23 гады таму Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выйграў прэзідэнцкія выбары
Вячаслаў Кебіч у 2014 годзе. Фота: TUT.by

Усе наступныя выбары Аляксандр Лукашэнка выйграе ў першым туры, набраўшы блізу 80% галасоў. Аднак гэтыя афіцыйныя звесткі кожны раз будуць аспрэчвацца апазіцыяй і заходнімі назіральнікамі, якія не прызнаюць дэмакратычнымі і празрыстымі больш ніводныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.