190 тон асфальту скралі ў Брэсце
  Асфальт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У крадзяжы 190 тон асфальту вінавацяць прараба адной з будаўнічых арганізацый Брэста, паведамляе Следчы камітэт.
Як заяўляе следства, дырэктар адной з фірмаў сказаў знаёмаму кіроўцу, што гатовы купіць асфальтагранулят па заніжаным кошце. Кіроўца перадаў прапанову прарабу, а той арганізаваў адгрузку 190 тон асфальтагрануляту прыватнай фірме. У дакументах матэрыял пазначылі як "выкарыстаны падчас будаўнічых работ".
Прараб атрымаў ад дырэктара фірмы каля 7 тысяч рублёў, частку грошай аддаў кіроўцам, якія ўдзельнічалі ў незаконнай схеме.
На прараба і трох кіроўцаў пачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены групай асоб паводле папярэдняй змовы). На дырэктара фірмы-пакупніка таксама пачалі крымінальную справу.