ЗША пазбавілі Расію гандлёвых ільготаў
Адпаведную пракламацыю падпісаў прэзідэнт Злучаных Штатаў Барак Абама.
У адпаведнасці з тэкстам пракламацыі, размешчаным на сайце Белага дому, дзеянне Генеральнай сістэмы прэферэнцый у дачыненні Расіі спыняецца з 3 кастрычніка 2014 года.
Сістэма ГСП дзейнічае з 1964 года. Яна была створаная з мэтай дапамогі дзяржавам, якія развіваюцца. Уключае ў сябе сукупнасць нормаў, якія рэгулююць выдачу такім краінам тарыфных прэферэнцый з боку развітых краін. Сутнасць сістэмы ў змяншэнні або адмене тарыфных ставак на пэўныя віды тавараў, вырабленых у краінах “трэцяга свету” і якія ўвозяцца на тэрыторыю развітых краін.
Яшчэ 7 траўня Барак Абама паведаміў Кангрэсу і расійскаму боку пра свой намер выключыць Расію з ГСП. Прэзідэнт палічыў, што Расія стала дастаткова развітай краінай, каб карыстацца льготамі для слабых эканомік.
У расійскім урадзе да такой навіны паставіліся спакойна. Міністэрства эканамічнага развіцця яшчэ 8 траўня паведаміла, што адмена рэжыму прэферэнцыяў у дачыненні імпарту з Расіі не прывядзе да істотных зменаў у дынаміцы і структуры паставак у Злучаныя Штаты.
Адзначалася, што аб’ёмы паставак з Расіі ў ЗША ў большай ступені залежаць ад рынкавай кан’юнктуры, чым ад ільготнага рэжыму, перадае РБК.