ЗША і Расія не дамовіліся наконт мірнага пагаднення па Украіне

Перамовы ў Крамлі

Перамовы ў Крамлі / Reuters

ЗША і Расія "не знайшлі кампрамісаў" наконт мірнага плану па Украіне. Перамовы ў Крамлі з удзелам Уладзіміра Пуціна доўжыліся амаль пяць гадзінаў.

Як паведаміў журналістам памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў, бакі абмяркоўвалі "не канкрэтныя фармулёўкі і рашэнні, а сутнасць", уключна з пытаннем тэрыторый. Крэмль атрымаў яшчэ чатыры дакументы акрамя першапачатковага мірнага плана Трампа з 28 пунктаў. Пра якія менавіта паперы ідзе размова, Ушакоў не ўдакладніў.

Наступная сустрэча па мірным урэгуляванні пакуль не плануецца, але бакі дамовіліся працягваць сумесную працу. Ушакоў дадаў, што Расія "з нечым гатова пагадзіцца, нешта выклікала крытыку".

З амерыканскага боку ў перамовах удзельнічалі спецпасланнік Трампа Стыў Уіткаф і зяць прэзідэнта ЗША, прадпрымальнік Джарэд Кушнер.

Перад пачаткам перамоваў Пуцін выступіў з ваяўнічай прамовай, у якой заявіў, быццам Расія не хоча ваяваць з краінамі Еўропы, але калі яны нападуць — дык "гатовая проста цяпер".

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа ў інтэрв'ю Fox News падкрэсліў, што рашэнні па спыненні вайны ў Расіі прымае толькі Пуцін, таму ацаніць верагоднасць яе завяршэння складана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.