Злодзейка абакрала траіх наведнікаў паліклінікі ў мінскім Сухараве (відэа)

Тры заявы пра аднатыповыя крадзяжы паступілі ў Фрунзенскі РУУС Мінска. Усе тры злачынствы былі здейсненыя цягам двух апошніх месяцаў у адным і тым жа месцы — у паліклініцы па вуліцы Сухараўскай. Дый схема ва ўсіх выпадках была аднолькавай: пацыент заходзіў у кабінет да лекара і пакідаў у калідоры свае рэчы, а калі вяртаўся, то не знаходзіў у верхняй вопратцы або сумцы гаманец.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку вызначылі, што гаманцы скрала жанчына — яе зафіксавалі камеры відэаназірання. Адзін са скрадзеных гаманцоў яна пазней пакінула ў камеры захоўвання ў краме ў іншым раёне Мінска — гаманец быў пусты, без грошай. У іншым гаманцы яна знайшла не толькі наяўныя грошы, але і банкаўскую картку, побач з якой знаходзіўся напісаны на паперцы пін-код.
 
Цяпер злодзейку шукае міліцыя, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.