Злодзеі зладзілі “класічнае абрабаванне” мінскай аптэкі (відэа)
Накралі зубной пасты на 700 тысяч рублёў.
Цэлая злачынная група з чатырох чалавек удзельнічала ў абрабаванні сталічнай аптэкі па вуліцы Маскоўскай, 18. Здарэнне адбылося ў мінулую суботу і гэта была, так бы мовіць, “класічная схема”.
У залу ўвайшлі чацвёра мужчын, адзін з якіх пачаў адцягваць увагу касіра. Ён пачаў гучным голасам распавядаць супрацоўніку аптэкі, што ў яго нібыта захварэла дзіця. Трое яго саўдзельнікаў пры гэтым корпаліся ў стэлажах з таварам, дзе ў асноўным ляжала зубная паста. Зламыснікі скідвалі яе ў пакеты, а потым выбеглі з аптэкі.
У гэты момант спрацавала антыкрадзяжовая брама. Касірка пабегла за мужчынамі. Адзін з хлопцаў застаўся ў дзвярах і не даваў ёй выйсці. Ён раскрыў свой пакет, дзе ў яго быў тавар з аптэчнага асартыменту і стаў тлумачыць, што сігналізацыя спрацавала на яго. Потым і ён знік.
Агульная сума стратаў склала каля 700 тысяч рублёў. Кіраўніцтва аптэкі звярнулася ў міліцыю, але не спадзяецца, што злодзеяў затрымаюць, паведамляе Onliner.by


