Жыхара Салігорска асудзілі за катаванні 11-гадовай дачкі

Слёзы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Чатыры гады калоніі і штраф каля 1600 рублёў прызначыў суд жыхару Салігорска. Мужчыну прызналі вінаватым у катаванні непаўналетняга (ч. 2 арт. 154 КК), а таксама ў пагрозе забойствам (арт. 186 КК), пішуць "Мінск-Навіны".
Як расказалі ў Следчым камітэце, 18 сакавіка 2022 года ў міліцыю Салігорскага раёна паступіла паведамленне, што ў кватэры доўга плача дзіця. Выявілася, што 11-гадовая дзяўчынка плакала пасля "выхавання" бацькі. Сцэну зафіксаваў відэарэгістратар.
За кепскую адзнаку ў школе п'яны бацька, раззлаваўшыся, спачатку зрэзаў валасы дачкі нажом, а потым пагаліў яе спецыяльнай машынкай. Акрамя таго ён збіў дзіця рэменем і пагражаў забіць, замахваючыся дзіцячым металічным крэслам.
"Як высветлілася, гэты выпадак быў толькі вяршыняй айсберга. Следства выявіла, што на працягу паўгода мужчына не менш за шэсць разоў ужываў да дзіцяці розныя віды гвалту як фізічнага, так і псіхалагічнага. Ён рэгулярна збіваў дзяўчынку рамянём, замахваўся гантэлей і пагражаў забойствам. Падставай для гневу магло стаць што заўгодна — ад з'едзенага мёду да позняга вяртання дадому", — расказалі падрабязнасці ў Следчым камітэце.
На судзе маці дзяўчынкі апраўдвала мужа і прасіла вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.