Жонка палітвязня Лосіка Дар'я спыніла галадоўку

Дар'я Лосік, жонка палітвязня Ігара Лосіка, 21 снежня спыніла галадоўку. Яе муж працягвае галадаць за кратамі.
У каментары БелаПАН Дар'я патлумачыла, што спынілі галадоўку ў выніку ціску на сям'ю. "Пасля шматлікіх інтэрв'ю і відэазваротаў на нашу сям'ю пачаўся моцны ціск. Цяпер я не магу пра гэта казаць, магчыма, потым", — дадала яна.
Дзяўчына кажа, што пачуваецца нармальна. Пра стан мужа, які галадае ўжо шосты дзень, яна плануе даведацца бліжэйшым часам.
Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня, ён прызнаны палітвязнем. 15 снежня стала вядома, што яму выставілі новае абвінавачанне — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней палітвязню выставілі абвінавачанне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Лосік віны не прызнаў і ў адказ на новае абвінавачанне абвясціў галадоўку. У той жа дзень галадоўку падтрымала яго жонка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.