Жэрара Дэпардзьё прызналі вінаватым у сексуальных дамаганнях

Жэрар Дэпардзьё і Аляксандр Лукашэнка / прэс-служба Лукашэнкі
Да 18 месяцаў умоўнага пазбаўлення волі прысудзіў парыджскі суд Жэрара Дэпардзьё. Актора прызналі вінаватым у сексуальных дамаганнях. Таксама ён павінен унесці свае даныя ў рэестр сексуальных злачынцаў і прайсці курс псіхалагічнай дапамогі.
Падставай сталі паводзіны Дэпардзьё падчас здымак фільма Les Volets Verts. Асістэнтка рэжысёра і мастачка-дэкаратарка абвінавацілі актора, што ён хапаў іх за грудзі і ягадзіцы, а таксама звяртаўся з непрыстойнымі выказваннямі.
Дэпардзьё на судзе прызнаў, што дакранаўся сцёгнаў адной з супрацоўніц, але нібыта без сексуальнага падтэксту. Актор заявіў, што часта бывае нязграбным, але гэта не азначае, што ён быў агрэсіўны ў адносінах да жанчын, перадае Bild. Адвакат актора абражаў пазоўніц у зале суда ("Добры дзень, істэрычкі") і зацягваў працэс доўгімі маналогамі.
Дарэчы, Дэпардзьё пагражае яшчэ адзін суд: актрыса Шарлота Арнуль абвінаваціла яго ў згвалтаванні. Сам актор адхіляе і гэтае абвінавачванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.