Секс-трэнер у пракуратуры, жанчыны-“катлетніцы” і каханак Мельнікавай. Эфір

Наста Базар / Фота з архіва Насты
У Варшаве на беларускага пікап-трэнера Алекса Леслі падалі заяву ў пракуратуру за вульгарныя выказванні пра жанчын і сумнеўныя “практыкаванні” падчас яго курсаў. Чалавек, які за $300 абяцае вучыць мужчын “спакушаць за некалькі хвілін”, у выніку апынуўся ў цэнтры скандалу, які выклікае пытанне: ці не стаіць за гэтай гісторыяй больш шырокая праблема аб’ектывацыі жанчын?
Тым часам Белстат падлічыў: у беларускіх сем’ях посуд у асноўным застаецца ў жаночых руках. Мужчыны мыюць яго ў тры разы радзей, і ўвогуле кухня — гэта “жаночая тэрыторыя”. Для кагосьці такая сітуацыя можа здавацца дробяззю, але з такіх дробязяў і складаецца штодзёная няроўнасць. А калі ўзгадаць словы Лукашэнкі пра тое, што жанчынам “не месца ў палітыцы” і што Ціханоўская — проста “катлетніца”, — адразу бачым, як патрыярхальныя ролі ў Беларусі спускаюцца зверху ўніз і прабіваюцца на самых розных узроўнях.
Пра гэта ды іншае ў эфіры Еўрарадыё размаўляем з фемактывісткай і гендэрнай эксперткай Настай Базар.
Таксама абмяркуем апошнія знікненні ў эміграцыі — дакладней, як гэтыя знікненні абмяркоўваюць у грамадстве.
Калі знікла Анжаліка Мельнікава, доўга круціліся дыскусіі вакол яе прыватнага жыцця: муж, стасункі, чуткі пра каханка. Калі ж знік Анатоль Котаў, былы паплечнік Лукашэнкі і былая “правая рука” Латушкі, гаворка адразу пайшла пра яго затрыманне і міжнародны вышук.
Чаму жанчын у такіх выпадках часцей абмяркоўваюць праз прызму асабістага жыцця, а мужчын — праз палітыку і прафесію?
Чаму гісторыя з пікап-трэнінгам у Варшаве выклікае такую рэзанансную рэакцыю, а штодзённая няроўнасць у хатніх абавязках успрымаецца як “нармальнасць”?
Эфір пачнецца а 15-й па Мінску 27 жніўня, задавайце пытанні!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.