Жанчына ў касцюме аднарога скрала ў дзіцяці куртку ў Гомелі

Аднарог, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Калядаванне ў Гомелі скончылася крадзяжом. Прычым у ролі злачынцы выступіў... аднарог. Пра незвычайную крымінальную гісторыю піша гомельскі партал "Белка".
13 студзеня кампанія дзяцей прыйшла калядаваць у адзін з пад'ездаў шматкватэрнага дома на вуліцы Галавацкага. У нейкі момант дзецям стала горача, яны знялі верхнюю вопратку і пакінулі яе на лесвічнай пляцоўцы.
Неўзабаве ў гэты ж пад'езд увайшла 56-гадовая жанчына ў касцюме аднарога, якая суправаджала на калядаванне сямігадовую ўнучку. Пабачыўшы дзіцячыя рэчы, гамяльчанка выбрала з кучы адну з куртак і пайшла. Дзяўчынцы, у якой знікла верхняя вопратка, давялося вяртацца дадому без верхняй вопраткі. Мама дзіцяці звярнулася ў міліцыю.
Раскрыць злачынства атрымалася з дапамогай відэакамеры, усталяванай на пад'ездзе.
Суд прызнаў жанчыну вінаватай у крадзяжы і прызначыў ёй штраф у 1260 рублёў (30 базавых велічыняў). Таксама яна павінна выплаціць пацярпелай маральную шкоду 200 рублёў і прайсці лячэнне ад алкагалізму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.