Здаць на правы ў Беларусі стала ў некалькі разоў даражэй

Новыя тарыфы на допуск да дарожнага руху пачнуць дзейнічаць у Беларусі з 19 лютага. Паводле прэзідэнцкага ўказа № 53 ад 15 лютага, гэтыя расцэнкі ўзрастаюць у некалькі разоў.
Напрыклад, за прыём тэарэтычнага кваліфікацыйнага экзамену на права кіравання механічным транспартным сродкам плата складзе 0,3 базавай велічыні (раней 0,05), практычнага кваліфікацыйнага экзамену на права кіравання матацыклам — 0,7 базавай велічыні (раней 0,05), іншым механічным транспартным сродкам, за выключэннем мапеда, — 1 базавую велічыню (раней 0,1). Выдача новага талона да пасведчання кіроўцы будзе каштаваць 0,5 базавай велічыні (раней 0,05).
Акрамя таго, павялічаны памер дзяржаўнай пошліны, якая спаганяецца за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Цяпер 6 базавых велічынь давядзецца заплаціць за легкавы аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай больш як 1,5 т, але не больш як 2 т, 8 базавых — за легкавы аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай больш як 2 т, але не больш як 3 т, грузавы аўтамабіль, аўтамабіль-цягач і грузапасажырскі аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай не больш як 2,5 т. Плата ў памеры 11 базавых велічынь будзе спаганяцца за легкавы аўтамабіль з дазволенай максімальнай масай больш як 3 т, прычэп з дазволенай максімальнай масай больш як 0,75 т, а 12 базавых — за аўтобус з колькасцю пасадачных месцаў да 20 уключна.
Для інвалідаў І і ІІ груп, а таксама для ветэранаў Вялікай айчыннай вайны пры ўплаце пошліны ўводзяць паніжальны каэфіцыент 0,5. Дзяржпошліна на транспартны сродак, для якога вызначаны двухгадовы тэрмін дзеяння дазволу на допуск, будзе выплачвацца па стаўцы, павялічанай на каэфіцыент 2.
Адносна транспартных сродкаў, спецыяльна абсталяваных для выкарыстання інвалідамі і атрыманых (набытых) праз органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з раней дзеючым заканадаўствам, дзяржпошліна за выдачу дазволу на допуск не выплачваецца.