Трох беларусаў будуць судзіць за падпалы складоў у Польшчы

Пракуратура ў Польшчы, ілюстрацыйнае фота / PAP
Польская пракуратура накіравала ў Акруговы суд ва Уроцлаве абвінаваўчае заключэнне супраць злачыннай групы, якая займалася дыверсіямі на тэрыторыі Польшчы, гандлявала зброяй і наркотыкамі.
У групу ўваходзілі шэсць чалавек: трое грамадзян Польшчы — Каміль К., Давід П., Лукаш К., а таксама трое грамадзян Беларусі — Сцяпан К., Андрэй Б., Яраслаў С.
Як мяркуе пракуратура, Сцяпан, Каміль і Андрэй маюць дачыненне да падпалу рэстарана ў Гдыні ў перыяд з красавіка па 22 чэрвеня 2023 года. Шкода ад яго склала амаль 3 мільёны злотых (больш за 700 тысяч долараў).
Сцяпана, Каміля, Андрэя і Яраслава таксама звязваюць са спробай падпалу склада ў Гданьску ў сакавіку 2024 года. Гэты падпал заказала замежная разведка.
Акрамя таго Сцяпана і Андрэя вінавацяць у падпале склада палет у горадзе Маркі (пад Варшавай) у ноч з 8 на 9 красавіка 2024 года. Гэта таксама было зроблена паводле заказу замежнай разведкі.
У пракуратуры дадаюць, што ўсе падпалы адбыліся з дапамогай кінутых кактэйляў Молатава.
Расследаванне па справе пачалося 1 лютага 2024 года з інфармацыі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) аб пра магчымую дыверсію ва Уроцлаве, учыненую грамадзянінам Украіны Сяргеем С. Праз яго выйшлі на злачынную групу, якая займалася дыверсіямі і вярбоўкай для замежных спецслужбаў.
"Расследаванне выявіла механізм вярбоўкі людзей для правядзення дыверсійных акцый, а таксама прывяло да раскрыцця факту перадачы зброі і наркатычных сродкаў асобамі, якія заяўлялі аб дзейнасці ад імя Узброеных Сіл Украіны падчас вайны, развязанай Расійскай Федэрацыяй", — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры. Некаторыя падазраваныя таксама займаліся збіццём людзей, гандлем зброяй і наркотыкаў.
Беларуса Сцяпана К. таксама падазраюць у падпале буйнога будаўнічага гіпермаркета ў Варшаве ў красавіку 2024 года па заданні расійскай разведкі. Гэтае расследаванне яшчэ не завершанае.
За акты сабатажу на карысць замежнай разведкі абвінавачаным пагражае ад 10 гадоў да пажыццёвага зняволення. У пракуратуры адзначаюць: "Сцяпан К. не прызнаў сваю віну і даў кароткія паказанні, Андрэй Б. часткова прызнаў віну і даў разгорнутыя паказанні, Яраслаў С. часткова прызнаў віну і даў паказанні".
Усе беларусы знаходзяцца пад часовым арыштам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.