Самакатчыкам у Беларусі хочуць дасылаць "лісты шчасця" ад ДАІ
Самакатчык, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
У Беларусі плануецца адсочваць выкананне хуткаснага рэжыму для самакатчыкаў і іншых відаў электратранспарту. Пра гэта заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення ДАІ Віктар Ротчанкаў, піша сайт tochka.by.
Паводле словаў начальніка ДАІ, ужо цяпер тэхнічныя сродкі дазваляюць кантраляваць хуткасць перамяшчэння не толькі аўто, але і іншых удзельнікаў дарожнага руху. Згодна са зменамі ў ПДР, якія набываюць моц 1 верасня, хуткасць руху электратранспарту не павінна перавышаць 10 км/гадз (на тратуары) і 25 км/гадз (на веладарожцы).
Ротчанкаў заявіў, што самакатчыкі пачнуць атрымліваць штрафы за перавышэнне хуткасці ўжо ў найбліжэйшай будучыні, але назваць тэрміны ўвядзення такой сістэмы не змог.