Ціханоўскаму прапанавалі 300 тысяч еўра — нібыта ад Неўзліна

Леанід Неўзлін / tvrain.tv
Сяргею Ціханоўскаму прапанавалі 300 тысяч еўра для яго дзейнасці.
Як піша "Наша Ніва", у сярэдзіне ліпеня малавядомыя апазіцыйныя актывісты Руслан Хазін і Вячаслаў Япішка прапанавалі экс-палітвязню 200 тысяч еўра. Узамен ён мусіў даць фінансавую справаздачнасць Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама звесткі пра яе атачэнне.
Сам Ціханоўскі пацвердзіў выданню, што сустракаўся з Хазіным, які прапаноўваў яму дапамогу: "Потым ён прапанаваў мне грошы расійскага алігарха Леаніда Неўзліна — каля 300 000 еўра без усялякіх асабістых сустрэч і абавязкаў".
Расійскае выданне "Сота" апублікавала каментар Неўзліна з гэтай нагоды: "Я іх абодвух (Хазіна і Япішку. — Рэд.) не ведаю, грошай нікому не прапаноўваў".
Хазін заявіў "Соце", што сустракаўся з Ціханоўскім і ў гутарцы з ім апісаў, як арганізоўваў блакаванне грузавікоў на польска-беларускай мяжы 4 ліпеня 2024 года. Ціханоўскі адказаў яму, што калі ў актывістаў усё атрымліваецца і без яго, то ён хоча заняцца YouTube-каналам, для якога яму патрэбныя 300 тысяч еўра: 150 тысяч — на куплю тэхнікі, 50 – на камандзіроўкі, а яшчэ 100 — на рэкламу.
Хазін нібыта сказаў, што ведае толькі аднаго апазіцыянера, які мог бы даць такія грошы — гэта Леанід Неўзлін, якому можна прапанаваць бізнес-план. Сам Хазін, паводле яго словаў, з Неўзліным ніколі не кантактаваў.
Таксама ў каментары "Соце" Хазін паведаміў, што першапачаткова 200 тысяч для Ціханоўскага ў абмен на аповед пра дзейнасць яго жонкі сапраўды былі сабраныя актывістамі за пару дзён і належалі самому Хазіну, Япішку ды іх знаёмым.
Алігарх Леанід Неўзлін быў партнёрам Міхаіла Хадаркоўскага ў кампаніі "Юкос", але перабраўся ў Ізраіль. Апошнім часам яго імя называлі як заказчыка нападаў на расійскіх апазіцыянераў — паплечнікаў Навальнага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.