Сцюардам не загадвалі забіраць сцягі ў фанатаў Каржа — MOST

Паліцыя каля варшаўскага стадыёна падчас канцэрта Макса Каржа / ksp.policja.gov.pl
Сцюардам на канцэрце Макса Каржа ў Варшаве не загадвалі забіраць сцягі ў гледачоў. Гэта была ініцыятыва асобных правяраючых на ўваходах.
Пра гэта выданню MOST расказаў адзін са сцюардаў, які дзяжурыў на гэтым канцэрце. "Многія пранеслі сцягі. Я, калі бачыў, не затрымліваў людзей", — заявіў хлопец.
Ён прызнаецца, што выступ Макса Каржа ў Варшаве стаў для яго самым масавым і самым складаным за ўсю працу. Ён бачыў бойкі, прарывы да фан-зоны, а таксама тое, што многія гледачы так і не патрапілі на мерапрыемства, застаючыся ля стадыёна.
Хлопец кажа, што арганізатараў папярэджвалі пра магчымыя парушэнні, але яны рыхтаваліся як да звычайнага канцэрта.
Паводле інфармацыі польскай паліцыі, па выніках канцэрту было затрымана 109 чалавек, выпісана 50 штрафаў на агульную суму 11 450 злотых. У суд было накіравана 38 заяваў аб прыцягненні да адказнасці. Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі заявіў, што некаторых парушальнікаў можа чакаць дэпартацыя.
Самі затрыманыя заяўляюць пра грубае абыходжанне з боку аховы і паліцыі, піша тг-канал "Варшава Лайф". Многія кажуць, што іх трымалі ў перапоўненых пакоях па 40-50 чалавек да раніцы, не давалі вады і не тлумачылі прычын затрымання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.