Завершанае расследаванне гібелі роўпджампера (відэа следчага эксперыменту)
Завершанае расследаванне абставін гібелі роўпджампера ў Соснах пад Мінскам. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісала афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Трагічнае здарэнне адбылося 18 чэрвеня. 27-гадовы жыхар Салігорска скокнуў з 70-метровай трубы кацельнай і страхоўка не спрацавала, ён загінуў. Як піша Ганчарова, следства высветліла, што арганізатар скачкоў "не зафіксаваў на выцяжной трубе... вяровачную канструкцыю і не здзяйсняў пастаянны кантроль за бяспечнай яе эксплуатацыяй". Таксама мужчына "не выкарыстаў дадатковыя сродкі і метады", каб прадухіліць негатыўныя наступствы, у выніку чаго загінуў чалавек.
Па словах Юліі Ганчаровай, згаданая крымінальная справа з'яўляецца "беспрэцэдэнтнай". Расследаванне здзяйснялася ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі МНС. Іх прыцягвалі падчас правядзення следчых дзеянняў.
Індывідуальнаму прадпрымальніку, які арганізоўваў скачкі з вышыні, выставілі абвінавачанне па артыкуле "прычыненне смерці па неасцярожнасці". Сваю віну ён не прызнаў. Адзначаецца, што мужчына спрабаваў пазбегнуць крымінальнай адказнасці і агучваў розныя версіі здарэння, хаваў спосабы і абставіны фіксацыі вяровачных канструкцый. Аднак следства атрымлівала гэтую інфармацыю з запісаў квадракоптэра, тэлефона, вынікаў эксперыменту — выкарыстоўваўся манекен. Матэрыялы справы ўжо разгледзеў пракурор і накіраваў іх у суд.
УСК па Мінску ўнесла ў Дэпартамент па нагляду за бяспечным вядзенем працаў у прамысловасці МНС прапанову аб рэгламентацыі віда дзейнасці, звязанага са здзяйсненнем скачкоў з вышыні на вяроўцы ў забаўляльных мэтах па ўсёй краіне, а таксама аб прыняцці мераў па забеспячэнні за ёй кантроля.