Затрымалі хлопца, які пытаўся ў міліцыі, што рабіць, каб яго не затрымалі

Іван Прус да і пасля пранка / Еўрарадыё
Івана Пруса, аглядальніка з інстаграм-акаўнта obzoor.by і адміністратара спявачкі Алёны Ланской затрымалі ў Мінску пасля таго, як ён патэлефанаваў у міліцыю і запытаўся, што рабіць, каб яго не затрымалі. Па звестках ТГ-канала "адлічана", 29 чэрвеня хлопца будуць судзіць за дробнае хуліганства.
Што за дзіўны званок? Пасля таго, як АМАП затрымаў людзей з чаргі да крамы SYMBAL.by, Іван Прус патэлефанаваў у міліцыю і запытаўся, як трэба сябе паводзіць, каб і яго выпадкова не запакавалі ў аўтазак:
Дзяжурны ў Маскоўскім РУУС Мінска быў не ў курсе навінаў пра затрымання побач з крамай і жарта не зразумеў.
— Малады чалавек, нікога не пакуюць, — скончыў ён сваю размову з Прусам.
Дробнае хуліганства — адміністрацыйнае правапарушэнне, на падставе якога ў Беларусі ўжо шмат гадоў затрымліваюць непажаданых уладам людзей. Суды звычайна праходзяць так: двое міліцыянтаў даюць паказанні пра тое, што затрыманы ці лаяўся матам, ці непрыстойна паводзіў сябе ў грамадскім месцы. Затрыманыя і сведкі, калі яны ёсць, даюць іншыя паказанні: маўляў, парушэння не было. Аднак суддзя лічыць, што затрыманыя зацікаўленыя ў тым, каб апраўдаць сябе, і скептычна ставіцца да іх сведчанняў. У той жа час, падстаў не верыць міліцыянтам нібыта няма. Таму працэс звычайна сканчаецца штрафам ці суткамі адміністрацыйнага арышту.
Крама SYMBAL.by абвясціла, што з 29 чэрвеня зачыняецца праз ціск уладаў. 23 чэрвеня туды прыйшло так шмат пакупнікоў, што на вуліцы ўтварылася чарга. Раптам побач з'явіўся аўтазак, з яго выскачылі байцы АМАП і затрымалі некалькіх пакупнікоў.
У мінскай міліцыі патлумачылі, што чарга замінала праехаць аўтамабілю. За некалькі хвілін да затрыманняў каля крамы сапраўды адбылася нейкая бойка ля легкавіка. Аднак яшчэ да прыбыцця амапаўцаў чарга адсунулася ўбок.
На наступны дзень да крамы прыйшло яшчэ больш пакупнікоў:
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.