Затрымалі дырэктара крамы, які назваў расійскіх вайскоўцаў акупантамі
Расійскія вайскоўцы ў Беларусі, кастрычнік 2022-га / t.me/modmilby
У Баранавічах затрымалі дырэктара крамы аўтазапчастак, які назваў расійскіх вайскоўцаў акупантамі. Да таго ж сказаў супрацоўніку, каб не прадаваў ім запчасткі, паведамляе тг-канал, блізкі да сілавікоў.
Цяпер міліцыя заяўляе, што дырэктар крамы ў 2020-м удзельнічаў у масавых пратэстах. Калі ж пачалася вайна ва Украіне, ён нібыта пераводзіў грошы на падтрымку ўкраінскага войска. У дачыненні мужчыны распачата крымінальная справа.
Пазней прэс-служба Генпракуратуры паведаміла, што затрыманы 65-гадовы індывідуальны прадпрымальнік. Яму "інкрымінавана парушэнне раўнапраўя грамадзян". Пацвярджаецца, што ён не прадаў запчасткі для транспартнага сродку расійскіх вайскоўцаў.
Беларусь з'яўляецца саюзнікам Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны. Тысячы расійскіх вайскоўцаў знаходзяцца ў Беларусі. Таму за любую публічную падтрымку Украіны ці за асуджэнне Расіі беларусаў кідаюць за краты.