Закрыццё польска-беларускай мяжы закранула больш за 130 цягнікоў з Кітая

Кітайскі грузавы цягнік / yicaiglobal.com
Больш за 130 грузавых цягнікоў, якія ішлі з Кітая ў Еўрасаюз, пацярпелі ад закрыцця беларуска-польскай мяжы. Пра гэта піша выданне Yicai са спасылкай на справаздачу кампаніі New Silk Road Intermodal Sichuan.
Гендырэктар кампаніі Тан Цінцін заявіў: "Ва ўсіх нашых калег, якія працуюць на чыгуначным экспрэсе "Кітай-Еўропа", ёсць грузавыя цягнікі, якія адправіліся пасля 12 верасня. Некаторыя ўжо прыбылі ў Брэст і чакаюць мытнага афармлення, а іншыя ўсё яшчэ ў дарозе".
Паведамляецца, што кампаніі-перавозчыкі ўжо шукаюць альтэрнатыўныя шляхі дастаўкі грузаў у ЕС. Некаторыя грузы спрабуюць перанакіраваць у Санкт-Пецярбург, каб далей дастаўляць іх морам. Таксама павялічылі колькасць цягнікоў па паўднёвай галінцы маршруту ў Еўропу — праз Казахстан, Азербайджан і Грузію, а потым — праз Чорнае мора або Турцыю. Рух некаторых цягнікоў часова прыпынены.
Кітайскія кампаніі спадзяюцца, што мяжа будзе закрытая нядоўга.
Польшча цалкам перакрыла мяжу з Беларуссю 12 верасня. Дата адкрыцця мяжы не вызначаная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.