Закрыццё польска-беларускай мяжы Лукашэнка назваў крокам супраць Кітая

Лукашэнка і Лі Сі / прэс-служба Лукашэнкі
Аляксандр Лукашэнка вырашыў перавесці стрэлкі і назваў закрыццё беларуска-польскай мяжы крокам супраць... Кітая. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з чальцом Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая, сакратаром Цэнтральнай камісіі па праверцы дысцыпліны Лі Сі. Сустрэча адбылася 22 верасня ў Мінску.
"Я разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, недружалюбны крок палякаў — палітычны, нейкі, напэўна, іміджавы, як лічаць палякі, супраць Кітайскай Народнай Рэспублікі. Але ніколькі не эканамічны. Паколькі такая імперыя, як Кітай, лёгка справіцца з гэтай праблемай. Але тэма гучыць", — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Польшча цалкам перакрыла мяжу з Беларуссю 12 верасня. Афіцыйная прычына — правядзенне беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў "Захад-2025". Пры гэтым афіцыйная Варшава заявіла, што пасля вучэнняў (прызначаных на 12-16 верасня) мяжа аўтаматычна не будзе адкрытая. Польшча чакае з боку Беларусі забеспячэння бяспекі мяжы. Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прасіў свайго кітайскага калегу Ван І паўплываць на сітуацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.