Загадчыца фірмовай крамы Магілёўскага мясакамбіната скрала мільярды рублёў
Жанчыну ўзялі пад варту.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на загадчыцу фірмовай крамы ААТ "Магілёўскі мясакамбінат". Як паведамляецца на сайце СК, жанчыну падазраюць у крадзяжы грошай службовай асобай шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Паведамляецца, што загадчыца крамы разам з іншымі работнікамі мясакамбіната неаднаразова незаконна забірала з касы сваёй крамы выручку. Факты крадзяжы яна маскавала пад выглядам вяртання прадукцыі па розных падставах.
Сума шкоды высвятляецца, але, як кажуць следчыя, гаворка ідзе пра некалькі мільярдаў рублёў.
Загадчыцы крамы выставілі абвінавачанне і ўзялі пад варту. Следства мяркуе, што да злачынства спрычыніліся і іншыя асобы.