Забарона гаджэтаў у школах Беларусі: карысць ці крок назад для адукацыі?

Смартфоны

З 1 верасня 2025 года ў Беларусі школьнікам забароняць карыстацца гаджэтамі / pixabay.com

З 1 верасня ў школах Беларусі плануецца ўвесці поўную забарону на выкарыстанне гаджэтаў вучнямі. Дзеці перад пачаткам заняткаў будуць пакідаць мабільныя тэлефоны ў спецыяльных скрынях, а забраць іх назад можна будзе толькі пасля заканчэння ўрокаў.

Такое рашэнне ўладаў выклікала шмат пытанняў у бацькоў, якія занепакоены як прававымі аспектамі, так і практычнымі — як гэта будзе рэалізавана.

Профільны адукацыйны канал "Настаўніцкая" разбірае сітуацыю з усіх бакоў, выяўляючы плюсы і мінусы гэтага рашэння.

Чаму рашэнне аб забароне гаджэтаў на першы погляд не выглядае кепскім?

Хоць рашэнне аб поўнай забароне выглядае неадназначным, аргументы ў яго падтрымку даволі відавочныя. Сапраўды, многія дзеці выкарыстоўваюць гаджэты не для навучання, а ўрокі ператвараюцца ў бясконцае гартанне сацсетак і гульні на тэлефонах. Ёсць і практыка спісвання з дапамогай прылад. Не спрачаемся, што і перамены павінны быць сапраўды перапынкамі, а не працягам сядзення ў смартфонах.

Ці ўсё так адназначна?

Мы разумеем: мел і дошка — гэта святое, але сучасны свет прапануе велізарны арсенал інструментаў для паляпшэння якасці навучання праз лічбавыя тэхналогіі. І нельга забываць, што ва ўмовах імклівага развіцця штучнага інтэлекту (ШІ) розныя сэрвісы ўсё часцей становяцца часткай нашай паўсядзённасці і прафесійнага жыцця.

У такіх умовах татальная забарона на гаджэты проста адарве школу ад рэальнасці. Пагадзіцеся, што аднаго ўрока інфарматыкі ў тыдзень недастаткова, каб разабрацца, як карыстацца тым жа ШІ.

Мы ўпэўненыя: усе гэтыя пытанні "ўсплывуць" ужо 1 верасня. І, магчыма, чарговы раз пераканаемся, што простыя рашэнні — не заўсёды лепшыя.

Дык што ж рабіць?

На наш вельмі суб’ектыўны погляд, школы павінны быць рознымі — і гэта нармальна. І менавіта самі школы павінны вызначаць правілы карыстання гаджэтамі пасля абмеркавання з бацькамі і педагогамі.

Упэўненыя, што ў некаторых выпадках рашэнне аб поўнай забароне будзе працаваць — і гэта добра. Але калі ў навучальнай установе ёсць дастаткова настаўнікаў, здольных эфектыўна выкарыстоўваць гаджэты падчас урокаў, навошта забараняць такую практыку?

Школы павінны мець магчымасць рэалізоўваць свой патэнцыял на поўную, а падвядзенне ўсіх пад адзін стандарт наўрад ці дапаможа. Татальная забарона можа даць хуткі эфект тут і цяпер, але, як нам здаецца, у доўгатэрміновай перспектыве школьная адукацыя ад гэтага страціць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.