За жарт пра траціл у мінскім аэрапорце расіянку пакаралі штрафам у $1100
Грамадзянка Расіі Марыя Рымар, затрыманая падчас дагляда ў мінскім аэрапорце за словы пра траціл, прызнаная вінаватай у заведама ілжывым паведамленні пра небяспеку. Яна хацела пазбегнуць пільнай увагі супрацоўнікаў бяспекі аэрапорта — а апынулася за кратамі. 12 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёна Мінска пакараў яе штрафам у 100 базавых велічыняў (2 тысячы 100 рублёў, каля $1100).
Пасля абвяшчэння прысуду Рымар заявіла, што мае намер падаць скаргу, але будзе рабіць гэта не касацыяй, а адразу ў наглядныя органы. "Касацыю мы прапусцім, каб прысуд уступіў у сілу, — цытуе расіянку БелаПАН. — У мяне тады здымецца абмежаванне на выезд, і я паеду дадому. І ў далейшым абскарджанне буду рабіць ужо з Расіі".
Рымар паведаміла, што зможа з'ехаць дадому 25 кастрычніка. Ад самага затрымання, якое адбылося 7 ліпеня, Марыя Рымар не мае права выязджаць з Беларусі. "Увесь гэты час я знаходжуся далёка ад тых, хто мне дарагі, у чужой краіне. Я стомленая і знямоглая… Адкладваю скайп-сустрэчы з дзецьмі (хоць дзецям яны патрэбныя гэтаксама як і мне), бо баюся разрыдацца, гледзячы на іх, пакуль яны мне распавядаюць, як яны маюцца. Дзеля чаго гэтыя пакуты столькіх людзей, расцягнутыя на такі тэрмін?", — скардзілася яна перад пачаткам працэсу.
Сёння ж, каментуючы прысуд, расіянка заявіла: "Улічваючы, што ў справе няма складу злачынства, любы прысуд, акрамя поўнага апраўдання, мною расцэньваецца як неправасудны. Але ўлічваючы вашыя беларускія рэаліі, мне ўжо казалі і мясцовыя калегі, і адвакат, што мне варта радавацца гэтаму прысуду".
Артыкул 380 Крымінальнага кодэксу Беларусі "Загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы" прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.