За здымак цягніка, які разбіўся аб прычэп з гноем, асудзілі чыгуначніка
Фотаздымак, за які затрымалі Валянціна Самасюка
За здымак цягніка, які разбіўся ў Беларусі аб прычэп з гноем, асудзілі работніка Баранавіцкай дыстанцыі пуці Валянціна Самасюка. Пра гэта піша краязнаўца Кастусь Шыталь.
"Да яго прыйшлі, калі трэслі ўдзельнікаў чыгуначных чатаў. І знайшлі перапіску з чалавекам, якога сілавікі лічаць адмінам канала "Сообщество железнодорожников Беларуси".
Там была якраз гэтая фотка. Якую Валянцін сам зрабіць не мог, бо ён працаваў у ПЧ у Баранавічах, а машына стаяла ў ТЧ у Лідзе", — піша Шыталь.
Па яго словах, Самасюк не быў актывістам і скептычна ставіўся да спробаў страйку і сабатажу на чыгунцы.
Пры гэтым Самасюк быў вялікім аматарам чыгуначнага транспарту, вёў тэматычную суполку "ВКонтакте", быў удзельнікаў чатаў пра чыгунку, любіў фатаграфаваць цягнікі.
Па звестках Шыталя, Самасюка судзілі па абвінавачанні ў садзеянні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК). "Колькі гадоў яму далі і ў якой калоніі ён сядзіць, невядома", — дадае краязнаўца.
Сёння стала вядома, што польскі канцэрн PESA Bydgoszcz адмовіўся рамантаваць разбіты цягнік, спаслаўшыся на тое, што Беларусь дапамагае агрэсіі Расіі супраць Украіны.