За паўгода літоўцы вылавілі 800 тысяч пачкаў цыгарэт з паветранай кантрабанды

Дрон кантрабандыстаў / VSAT
За першае паўгоддзе 2025 года Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы затрымала і канфіскавала больш за 805 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі па паветры.
Па падазрэнні ў здзяйсненні кантрабанды або садзейнічанні яе ўвозу ў краіну літоўскія памежнікі затрымалі 96 чалавек, паведамляе DELFI.
Літоўскія праваахоўнікі адзначаюць, што кантрабандысты сталі часцей выкарыстоўваць метэазонды і дроны для кантрабанды цыгарэт і іншых тавараў. Цягам 2024-га і першай паловы 2025 года было пачата 20 дасудовых расследаванняў па фактах перавозкі кантрабанды пры дапамозе метэазондаў або дронаў. Абвінавачанні выстаўленыя 34 асобам. У судах разглядаюцца ці ўжо разгледжаныя 10 краінальных спраў.
Сёлета памежнікі перахапілі 34 дроны, якія выкарыстоўваліся для перапраўкі цыгарэт з Беларусі. Летась кантрабандысты страцілі такім чынам 54 дроны.
Колькасць перахопленых метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі склала 226 летась і 348 сёлета.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.