У Літве заклікаюць стварыць "дронавую заслону" на мяжы з Беларуссю

Андрус Кубілюс / LRT
Пасля прылёту ў Літву дрона з тэрыторыі Беларусі тут зноў агучылі ідэю стварыць "дронавую заслону".
З такім заклікам да краін рэгіёну звярнуўся прадстаўнік Еўракамісіі і былы прэмʼер-міністар Літвы Андрус Кубілюс. Таксама ён прапануе наладзіць масавую вытворчасць беспілотнікаў.
Кубілюс прапануе ўмацоўваць усходнюю мяжу Літвы наступным чынам:
— будаваць фізічныя перашкоды;
— ствараць сістэмы процідронавай абароны;
— рыхтаваць каманды спецыялістаў, здольных хутка вырабляць дроны.
Размовы пра дронавую заслону вядуцца ўжо больш за год. Але Брусель сёлета ў сакавіку адмовіў Эстоніі і Літве, якія прасілі грошай на яе стварэнне.
Расійскі беспілотнік "Гербера" прыляцеў на тэрыторыю літвы з Беларусі 10 ліпеня і ўпаў недалёка ад мяжы. Першапачаткова літоўцы падазравалі, што гэта дрон "Шахед", якія Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.